ПЛАСТЫ́ЧНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
раздзел механікі, які вывучае пластычнае дэфармаванне (пластычнасць) цел. Займаецца пабудовай матэм. мадэляў пластычных цел, метадамі вызначэння напружанняў механічных і дэфармацый у пластычна дэфармаваных целах пад уздзеяннем нагрузак, т-р і інш. Выкарыстоўваецца пры разліку канструкцый, збудаванняў, машын, тэхнал. працэсаў апрацоўкі металаў ціскам (коўкі, штампоўкі і інш.), шэрагу прыродных працэсаў (напр., гораўтварэння, дрэйфу кантынентаў).
П.т. разглядае целы, якія не падпарадкоўваюцца законам пругкасці (гл. Пругкасці тэорыя) з пачатку прыкладання знешніх уздзеянняў (пластычнае цела) або з некаторай стадыі нагружэння (пругка-пластычнае цела). Зыходныя даныя атрымліваюць эксперыментальна пры выпрабаваннях узораў на расцяжэнне-сцісканне. Найб. развітыя тэорыі: пластычнага цячэння (устанаўлівае сувязь паміж тэнзарам напружанняў і тэнзарам прырашчэнняў пластычнай дэфармацыі), ідэальнай пластычнасці, пругкапластычных працэсаў, дэфармацыйныя тэорыі пластычнасці.
Літ.:
Соколовский В.В. Теория пластичности. 3 изд. М., 1969;
Ивлев Д.Д., Быковцев Г.И. Теория упрочняющегося пластического тела. М., 1971;
Ильюшин А.А. Пластичность: Основы общей мат. теории. М., 1963;
Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975.
І.І.Леановіч.
т. 12, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)